Як на духу... (Споведзь Алеся Белакоза)
Прыканцы даўніх 40-ых гадоў маладзён Алесь Белакоз, едучы цягніком з Гародні ў Менск, кідаў з вакна прыбіральні ўласназробленыя ўлёткі з тэкстам „Паўстань, мой любы селянін, паўстань супраць савецкай улады,.. Дык ты ня бойся і ня трусь, Ратуйма нашу Беларусь!”. Прыканцы 60-ых настаўнік Белакоз адчыніў у вёсцы Гудзевічы, на Мастоўшчыне, школьны краязнаўчы музэй Беларушчыны, падобнага якому няма ў сьвеце. Кідаць беларускае зерне, як тыя палымяныя ўлёткі ёсьць штодзённым сэнсам жыцьця Белакоза. Ён мае мэту. Беларусь праз 50 год уяўляецца яму „патрыятычнай, багатай духоўна і матэрыяльна...” У адзін зь вішавальных прыездаў у Гудзеўскі музэй да Алеся Белакоза я ўгледзеў на ягоным працоўным стале набраны на друкарцы тэкст. Гэта былі адказы на пытаньні анкеты. Прыцягнула назва „Споведзь. Як на духу...” З ласкавай згоды Алеся Мікалаевіча наш „Czasopis”, да якога Белакоз мае ўласныя сантыменты, бо бацька рупліўца паходзіць зь Беласточчыны, зь Юраўлянаў, друкуе ягоную „Споведзь...”.
Ці падабаецца Вам Вашае імя?
– Маё імя мне падабаецца. Толькі бяда ў тым, што сьвятар, былы рускі белагвардзейскі афіцэр, не хацеў і не мог запісаць мяне Алесем. Таму я па дакумэнтах Аляксандар, але ад 1965 году ўсе і заўсёды называюць мяне Алесем. Кажуць, што нават зьмена формы аднаго і таго ж імя зьмяняе лёс чалавека: калі я стаў Алесем, дык жыцьцё маё стала больш зьмястоўным, цікавым. Мяне білі, а я цешыўся, што магу даваць дзецям у тых жудасных умовах выкарчоўвання, забойства беларускай мовы добрыя веды, выхоўваць шчырых патрыётаў.
Які колер вачэй і валасоў падабаецца найбольш?
– Попельны колер валасоў быў у мае сястры Веры, якая выхавала мяне патрыётам. Яна была вельмі добрая, чулая, прыгожая. Самыя прыгожыя блакітныя вочы.
Якія станоўчыя якасьці чалавека найбольш цэніце?
– Найбольш цаню ў чалавеку патрыятызм.
Якія чалавечыя заганы не церпіце?
– Не цярплю рэнегацтва, непавагі да свайго народу.
Ці верыце ў сяброўства?
– Ненадта: некаторыя сябры здраджвалі.
Які Ваш улюбёны занятак?
– Вядзеньне заняткаў па лірыцы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Фрацішка Багушэвіча, Цёткі, Пімена Панчанкі ды інш. Вядзеньне экскурсіяў.
Як вы разумееце шчасьце, шчасьлівае жыцьцё?
– Шчасьце – гэта творчая праца, гэта калі цябе за патрыятызм называюць здраднікам савецкага народу, абяцаюць вызваліць з працы, а ты ходзіш як закаханы, з адной шчасьлівай думкай: „Уладзімер Караткевіч прыслаў аўтаручку, якой напісаў раман „Каласы пад сярпом тваім”. Стукач прынёс табе паштоўку без капэрты, дзе Хведар Янкоўскі піша: „Дзякую, што Вы не парабак пад гальштукам, а сапраўдны патрыёт, інтэлігент...”. Што сам Пімен Панчанка захапляецца дзейнасьцю маіх вучняў...” Шчасьце – гэта калі я йду на працу і цешуся, што сёньня будзе экскурсія з роднай Гудзеўскай школы, што да нас прыедуць 17 прафэсараў са Злучаных Штатаў, што прыедуць на экскурсію ў музэй Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Панізьнік ды інш. Гэта, калі стомлены вяртаешся дахаты і цешышся, што будзе магчымасьць дапамагчы хатнім скласьці салому ці скасіць люцэрну або папікіраваць памідоры.
Які лёс варты жалю й нараканьня?
– Варты жалю лёс чалавека, які жыцьцё пражыў толькі для сябе.
Які момант у жыцьці Вы лічыце самым радасным?
– Момант, калі ва ўрачыстых абставінах, у прысутнасьці вялікай колькасьці людзей былі адчыненыя першыя чатыры залі нашага музэю.
Які момант у Вашым жыцьці быў самым горкім, нешчасьлівым?
– Самы горкі момант, калі ўсе настаўнікі і дырэктар школы адмовіліся на адным з саветаў РАНА (раёны аддзел народнай адукацыі – рэд.) ад таго, што завуч школы настойвала, каб у Гудзеўскую беларускую школу былі закупленыя падручнікі па гісторыі на рускай мове, бо гісторыю выкладае рускі. Пытаньне разьбіралі па савеце РАНА, бо я пісаў у ЦК КПБ. Я падняў усіх настаўнікаў, і кожны сказаў, што гэтага не было. Мяне асудзілі як выдумшчыка, паабяцалі вызваліць з працы, а ў хаце ад раку страўніка памірала матуля. Яна пыталася, чаго выклікалі, але ў гэты страшэны момант я не мог сказаць горкай праўды, каб не азмрочыць апошніх дзён яе жыцьця маімі бедамі.
Чаго Вы яшчэ хацелі б у жыцьці дасягнуць ці дачакацца?
– Хачу дачакацца сапраўды незалежнай Беларусі пад кіраўніцтвам разумнага патрыёта-прэзідэнта, патрыятычнага ўраду.
Якая асоба ў гісторыі чалавецтва Вам найбольш сымпатычная?
– Для мяне Францішак Скарына не проста сымпатычны, а сьвяты: патрэбна было мець вялікую мужнасьць, каб насуперак забароне духоўнікамі друкаваньня „Бібліі” на народнай мове, ён адважыўся на такі подзьвіг. У мяне ў хаце, у гасьцінным пакоі, на покуці вісіць незвычайная ікона „Францішак Скарына разглядае першы ліст сваёй „Бібліі”. На гэтай іконе вышываны саматканы ручнік, гарыць лампадка. Я малюся да аднаго сьвятога – да Францішка Скарыны.
Ваш улюбёны герой?
– Алесь Загорскі з рамана Ўладзімера Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”.
Ваш улюбёны паэт, празаік, кампазітар, жывапісец?
– Мае любімыя паэты – Максім Багдановіч, Пімен Панчанка, Анатоль Вярцінскі, любімы празаік – Уладзімер Караткевіч, Янка Брыль. Кампазытар – Юры Семянянка, жывапісец – Зьміцер Іваноўскі. Ён самадзейны мастак, аднак па тэхніцы выкананьня, па тэматыцы, па гістарызьме ягоных твораў, ён пераўзышоў вядомых мне мастакоў.
У чым найбольш поўна на Ваш погляд праявіўся геній прыроды?
– Найбольш поўна праявіўся геній прыроды ў тым, што яна стварыла ўмовы для існаваньня такога багатага расьліннага і жывёльнага сьвету, дала магчымасьць ратавацца ўсім арганізмам. На жаль, чалавек „папраўляючы” прыроду, так нашкодзіў усяму жывому, што і сам можа загінуць...
Якая жывёліна Вам найбольш сімпатычная?
– Конь – найпершы памочнік чалавека: гэта выдатны транспартны сродак, гэта першы памагаты ў апрацоўцы зямлі, гэта абарончы сродак. Нават у беларускім гербе паказана, што чалавек даганяе ворага на кані. Конь прыгожая і грацыёзная, разумная й верная істота.
Якая Вашая ўлюбёная страва?
– Вараная, смажаная бульба, аладкі бульбяныя, калдуны (вялікія клёцкі з бульбянога цеста і начынкі з варанай галавізны).
Пра якую мясьціну на зямлі ў Вас застаўся самы прыемны ўспамін?
– Самы прыемны ўспамін пра вёску Ляткі, дзе нарадзіўся і жыву 75 гадоў, за выключэньнем трох гадоў (служба ў войску і праца ў іншай мясцовасьці).
Калі б лёс прымусіў Вас пакінуць радзіму, якую краіну абралі б для перасяленьня?
– Літву ці Латвію: там шмат беларусаў, нават многія з тых, што сёньня ўжо лічаць сябе літоўцамі ці латышамі, размаўляюць у сваёй хаце па-беларуску.
Вашае ўяўленьне пра сямейнае шчасьце?
– Згода, пашана.
Аб якім упушчэньні на сваёй жыцьцёвай дарозе вельмі шкадуеце?
– Шкадую, што давялося жыць у час, калі Беларусь акупавалі, то адзін, то другі, то трэці сусед, што кіруюць ёю здраднікі й дурні.
Чым засталося ў памяці дзяцінства?
– Вельмі падабалася мне капаньне торфу на зіму: цікавая і спорная праца, сьвяточныя абеды, прыемная стома, адпачынак пасьля абеду, апавяданьні капальнікаў.
Вашае стаўленьне да ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны?
– Актыўная жыцьцёвая пазыцыя абавязвае кожнага дбаць пра вызваленьне роднага краю.
Якое значэньне надаеце бытавым умовам жыцьця і працы?
– Быт – другаснае: чалавек есьць, каб жыць, а не для таго жыве, каб есьць.
Ці ёсьць у Вас фінансавая мара?
– Мару, каб мы нарэшце пачалі будаваць цэлюлёзныя заводы, заводы па перапрацоўцы марскіх расолаў, якіх у нас несусветныя запасы, каб здабывалі зь іх не толькі мізэрныя колькасьці брому і ёду, а дзесяткі мільёнаў тон розных элементаў табліцы Мендзялеева, каб нарэшце пачалі здабываць гаручыя сланцы, якіх маем каля адзінаццаці мільярдаў тон, каб з даўсаніту выпускалі свой найлепшы ў свеце алюмінь, каб нафтаправодамі і нашымі газаправодамі кіравалі беларусы, а не замежныя дзядзькі, каб беларусы нарэшце ізноў вярнуліся да сярэднееўрапейскіх стандартаў жыцьця, як калісьці, у часы княства Полацкага.
Што шукаеце ў сьвежых газэтах?
– Што сталася са зьніклымі беларускімі палітыкамі.
Якую кнігу любіце перачытваць?
- Энцыкляпэдыі.
Ці верыце Вы ў фатальную непазьбежнасьць наканаванага лёсам?
– Так. Часта выступаў на адказных сходах, пісаў у ЦК КПБ, спрачаўся з самым высокім начальствам, хоць ведаў, што за гэта будуць вялікія непрыемнасьці. Нейкая сіла не давала мне спакойна слухаць, нават у КГБ, дзе казалі: „Белорусскій язык должен ісчезнуть, а вы нам мешаете.” Бывала, мучыўся, начамі не спаў, а ўрэшце ізноў пісаў ЦК КПБ, хоць ведаў, што за гэта будуць моцна караць.
Якая расьліна Вам найбольш падабаецца?
– Кветачкі лёну.
Улюбёная пара году?
– Вясна.
Якая яна – жанчына Вашае мары?
Патрыётка. Кожная патрыётка для мяне сьвятая.
Вашае стаўленьне да рэлігіі?
– Ёсьць нейкая вышэйшая сіла, якой мы ня ведаем, не разумеем, не бачылі, якой патрэбна ад нас адно: рабіць дабро. Маленьні і пасты маглі б не быць, але лічу, што мы павінны захаваць традыцыі бацькоў ды дзядоў, а таму пошчу, малюся да Францішка Скарыны, сьвяткую ўсе сьвяты, хоць нават у самае вялікае сьвята працую і лічу, што гэта маім Богам дазволена: працаваць - ня грэх.
Ці верыце ў прыкметы?
– Не.
Ці прыслухоўваецеся да чужое думкі, калі прымаеце рашэньне?
– Прыслухоўваюся, раюся, часам у выніку гэтага зьмяняю рашэньне, аднак, бывае, што насуперак парадам, раблю па-свойму.
Кім зьбіраліся стаць у дзяцінстве?
– У 1947 годзе паступаў у Менскі медінстытут. Экзамены здаў бліскуча, нават меў бал у запасе, але не прынялі: сакратарка прыёмнай камісіі сказала па сакрэце, што мяне не прымуць, бо „Ваш бацька - амерыканец”, гэткую характарыстыку далі зь сельсавету. Цешуся, што і на пасадзе настаўніка ўдалося сёе-тое зрабіць для свайго народу.
У чым на Вашую думку нацыянальная ідэя Беларусі?
– У поўнай незалежнасьці ад самых блізкіх суседзяў. Гэтага можна дасягнуць, калі якойсьці далёкай магутнай дзяржаве дазволіць разьмяшчэньне вайсковай базы на нашай тэрыторыі. Інакш ад суседзяў-драпежнікаў ніколі не адарвемся. За некалькі гадоў нямецкай акупацыі, калі дзеткі вучыліся ў дазволеных немцамі і патаемных школах, сталі палымянымі патрыётамі Беларусі, бо тады вучылі нас праўдзівай беларускай гісторыі, вучылі патрыятызму. Нават рускія, якія вучыліся ў тых школах, станавіліся шчырымі беларускімі патрыётамі. Дваццаць гадоў поўнай незалежнасьці – і наш народ зьменіцца. У беларускай царкве павінен быць беларус-патрыярх, у каталіцкім беларускім касьцёле – беларус-патрыёт Папа Менскі. І ўсё наладзіцца.
Якой Вы бачыце Беларусь праз 50 гадоў?
– Патрыятычнай, багатай духоўна і матэрыяльна: нашы багацейшыя ў сьвеце нетры дадуць матэрыяльнае багацьце, а патрыятызм узьніме нас духоўна.
Падрыхтаваў Павал Мажэйка
http://kamunikat.fontel.net/