МастыРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Рэгіянальныя навіны RSSЧалавечы фактар... супраць пажарнай бяспекіПаведамленне аб пажары на тэрыторыi Жыровiцкага Свята-Успенскага манастыра, якi здарыўся, хутчэй за ўсё, з-за кароткага замыкання электраправодкi, паступiла ў Слонiмскi раённы аддзел па надзвычайных сiтуацыях у 4 гадзiны 55 хвiлiн. Распаўсюджанне агню пачалося з даху складскога памяшкання, дзе захоўвалiся мяшкi з крупамi i мукой. Аварыйна-выратавальнае падраздзяленне выканала сваю работу бездакорна: для лакалiзацыi пажару (працавалi чатыры аўтацыстэрны) спатрэбiлася крыху больш за дваццаць хвiлiн. Будынак удалося захаваць, але ён, зразумела, патрабуе рамонту. Жыхары Жыровiчаў, якiя сабралiся ў мясцовым Доме культуры, аб гэтым нядаўнiм здарэннi, безумоўна, ведалi. Але дзякуючы арганiзаванай Гродзенскiм абласным упраўленнем МНС акцыi "Талакой за бяспеку" ў iх з’явiлася магчымасць даведацца i аб сiтуацыi з пажарамi ў рэспублiцы, вобласцi, раёне. Прычым, як кажуць, з першых вуснаў, ад спецыялiстаў МНС. I гэта была не проста "голая статыстыка", а факты, якiя прымушалi суперажываць, думаць i, галоўнае, вучыцца на чужых памылках. Для таго, каб не пусцiць бяду ў свой дом, выратаваць сябе i сваiх блiзкiх. Асаблiва востра адчуваеш гэта пасля прагляду фiльма аб вогненных трагедыях, якiя здарылiся на Гродзеншчыне. Гродна, Карэлiцкi, Астравецкi, Мастоўскi, Ваўкавыскi, Воранаўскi раёны... Абгарэлыя целы, знiшчаныя агнём пабудовы, ледзь жывыя ад гора сваякi... Убачыць, як мацi галасіць над трунамi трох сваiх дзяцей, i пасля гэтага iгнараваць элементарныя правiлы процiпажарнай бяспекi?! З пачатку года падраздзяленнямi Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС у жылым сектары лiквiдавана каля 700 пажараў, выратаваны дзесяткi жыццяў, аднак 76 чалавек, у тым лiку трое дзяцей, загiнулi. Прычым iльвiная колькасць трагедый здарылася па банальнай прычыне неасцярожнага курэння ў п’яным стане, што паўтараецца з году ў год. Здавалася б, прафiлактыкi хапае. Адных лiстовак, памятак i папераджальных надпiсаў, накiраваных на прадухiленне пажараў па прычыне курэння ў стане алкагольнага ап’янення, сёлета Гродзенскiм абласным упраўленнем МНС выпушчана ажно 155 вiдаў агульным тыражом каля паўмiльёна экзэмпляраў. Але... Вось толькi адзiн прыклад. Трое мужчын у iнтэрнаце ў Ашмянах адпачывалi за чаркай, а затым непатушаная цыгарэта нарабiла непапраўнай бяды. Аднаму з загiнулых было 50, другому — 35, трэцяму — 30 гадоў. А ў вёсцы Плаўскiя Слонiмскага раёна агонь паставiў кропку адразу на чатырох жыццях. I зноў жа ўсе ахвяры (гаспадар дома, яго жонка, сын гаспадынi i яго сужыцелька) — працаздольнага ўзросту. Апошнюю ў мiнулым годзе пазбавiлi бацькоўскiх правоў, апеку над яе трыма дзецьмi ўзяла дзяржава, i таму малых не было ў хаце ў той ракавы момант. Дарослыя паставiлi на ўключаную газавую канфорку каструлю з ежай i забылi пра гэта... Дарэчы, летась на Гродзеншчыне двое дзяцей загiнулi з‑за злачыннай звычкi дарослых курыць у ложку пасля выпiўкi. У Мастоўскiм раёне першакласнiк з сябрам схавалiся з запалкамi ў адрыну i падпалiлi сена. Сябар паспеў выскачыць на вулiцу, а другому хлопчыку выхад быў адрэзаны агнём i ён загiнуў. А ў Iўеўскiм раёне бацькi пайшлi капаць бульбу, пакiнуўшы ў хаце двухгадовага сына. Малы знайшоў запалкi i так надыхаўся дымам, што, калi бацькi вярнулiся, выратаваць яго было ўжо немагчыма. Па гэтай жа прычыне загiнулi двое дзяцей у вёсцы Сурканты Воранаўскага раёна. — Мы выкарыстоўваем усе магчымыя метады прафiлактыкi, аднак толькi аб’яднаўшы намаганнi ўсiх зацiкаўленых мясцовых органаў i, вядома, самога насельнiцтва, можна дабiцца перамен да лепшага, — адзначае начальнiк Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Анатоль Бабiй. — Менавiта ў гэтым i сэнс акцыi "Талакой за бяспеку", якая сёлета стартавала ў вобласцi i пройдзе ва ўсiх раёнах. Мяркую, што наш вопыт выкарыстаюць i ў iншых рэгiёнах рэспублiкi. I сапраўды, калi нашы продкi талакой будавалi дом, збiралi ўраджай, то чаму б сёння не аб’яднацца дзеля таго, каб спынiць "чырвонага пеўня", зберагчы жыццi, дамы, маёмасць? Пачатак акцыi быў пакладзены ў вёсцы Турэц Карэлiцкага раёна. З жыхарамi гэтай i iншых навакольных населеных пунктаў сустрэлiся супрацоўнiкi МНС, прадстаўнiкi мясцовай улады, кiраўнiкi сельгаспрадпрыемства. Вяскоўцы не толькi атрымалi парады па пажарнай бяспецы, але i маглi набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнiкi, застрахаваць жыллё. Тады ж нарадзiлася i традыцыя ўдзелу ў акцыях "Талакой за бяспеку" эстрадна-духавога аркестра Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Кажуць, што нават некаторыя аматары моцных напояў у гэты дзень аддаюць перавагу менавiта канцэрту, а разам з iм, хочацца верыць, i тым процiпажарным пытанням, што абмяркоўваюцца. I тое добра. Слонiмшчына стала ўжо сёмым адрасатам абласной акцыi. Паводле слоў намеснiка старшынi Слонiмскага райвыканкама Вячаслава Апановiча, у раёне многае робiцца ў накiрунку прадухiлення пажараў. Праводзiцца абследаванне домаўладанняў, у першую чаргу тых, дзе пражываюць адзiнокiя пенсiянеры, мнагадзетныя сем’i i людзi з так званай групы рызыкi. У дамах малазабяспечаных грамадзян мяняецца альбо прыводзiцца ў парадак электраправодка, рамантуюцца печы, чым у раёне спецыяльна займаюцца два печнiкi. Ужо выканана гадавое заданне па забеспячэннi гэтай катэгорыi насельнiцтва аўтаномнымi пажарнымi апавяшчальнiкамi. Але так званы чалавечы фактар яшчэ нiхто не адмяняў, i таму арганiзаваная Гродзенскiм абласным упраўленнем МНС акцыя, на думку Вячаслава Апановiча, вельмi патрэбная. У Жыровiцкiм сельскiм Савеце, паводле iнфармацыi яго кiраўнiка Васiля Бекрэня, пытанне процiпажарнай бяспекi пастаянна разглядаецца на пасяджэннях сесiй, выканкама. На кожнае домаўладанне згодна з актам яго абследавання заводзiцца картка, дзе пазначаюцца выяўленыя праблемы, якiя затым ставяцца на кантроль i вырашаюцца адпаведнымi службамi. У дамах практычна ўсiх ветэранаў вайны, мнагадзетных сем’яў, адзiнокiх людзей устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнiкi. А вось за ўласныя сродкi яны набываюцца, на жаль, не вельмi ахвотна. Хаця ёсць ужо шмат прыкладаў, калi гэтыя не надта ўжо i дарагiя прыборы папярэджвалi людзей аб бядзе i тым самым выратоўвалi iм жыццё i маёмасць. Мажлiва, пасля акцыi "Талакой за бяспеку" такога разумення будзе больш. Было б толькi жаданне зрабiць для сябе адпаведныя высновы, паколькi наша бяспека ў нашых жа руках. Барыс ПРАКОПЧЫК, “Звязда” Беларусь і сьвет
Блог
|
|
Belarda.org: Бабруйск,
Барысаў,
Белаазёрск,
Гарадок,
Глыбокае,
Горкі,
Гродна,
Жодзiна,
Масты,
Рэчыца,
Салiгорск,
Светлагорск,
Свiслач,
|
Дызайн — unutranyholas |