МастыРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Беларусь і сьвет RSS„Слугі народу”Давялося мне на мінулым тыдні наведаць Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, ці па-іншаму кажучы галоўны „вертыкальны” будынак вобласці. Гадоў восем не ступала туды мая нага, бо не было патрэбы. А тут давялося наведаць пару кабінетаў непарушнага аплоту правільнага курсу ў светлую прышласць. Выходзіў я з лабірынтаў аблвыканкама, які, здаецца, значна пашырыў свае плошчы і колькасць кабінетаў, надзвычай уражаны аздобай і раскошай будынка, дзе засядаюць і рупліва працуюць, не шкадуючы магутных сіл і дарагога здароўя, слугі беларускага народу. Крыштальная чысціня, зіхаценне і багатыя будаўнічыя матэрыялы, назваў якіх нават не ведаю, не пакінуць ніводнага наведніка абыякавым. Адразу будзе зразумела кожнаму, што тут засядаюць лепшыя людзі краіны і таму трэба старацца не замінаць ім у высакароднай працы. У той жа дзень спатрэбілася падаваць дакументы ў яшчэ адну дзяржаўную ўстанову, рангам крыху ніжэйшую. Візіт у адзін са шматлікіх аддзелаў быў адзначаны дадатковай прыемнасцю, якая не забудзецца прынамсі колькі месяцаў. А, здаецца, трапіў я толькі ў кабінет нейкай сакратаркі, якая працуе з паперамі. Знешнасць і манеры маёй суразмоўцы не пакідалі сумнення, што ў гады слаўнай камсамольскай маладосці не раз ёй даводзілася абслугоўваць зачыненыя партыйныя вечарынкі. Ну, а калі стала „выходзіць у тыраж”, спатрэбілася ў іншай іпастасі. Гэтая чыноўніца дробнага калібру сустрэла мяне так, нібы яшчэ мой дзед запазычыў яе роду не менш чым дзве каровы. Заўвагі і павучанні на кожнае маё сціплае слова сыпаліся нібы з рога дастатку. Дамачка, выконваючы свае звычайныя службовыя абавязкі, усяляк дэманстравала якую вялікую ласку яна мне робіць і перыядычна кідалася змяёй з мэтай уджаліць. Па ўсім відаць, што асаблівую нянавісць у яе выклікала тое, што звяртаюся да яе па-беларуску. У канцы пятнаццаціхвіліннай гутаркі мне толькі і заставалася сказаць: „Дзякуй вялікі за тое, што не стукнулі па галаве!”. Шчыра прызнаюся, што я лічыў сябе падрыхтаваным да такіх размоў, але калі выйшаў з будынка, мяне ажно трэсла ад напору адмоўнай энергетыкі. Наменклатура і чынавенства — гэта альфа і амега кожнага аўтарытарнага рэжыму. На ёй ён грунтуецца, ёю ён страхуецца і жывіцца. І тут не можа быць выпадковых людзей, абойма можа тасавацца, але мусіць не пускаць „іншародныя целы”. У час перабудовы і на пачатку дзевяностых, калі ў Беларусі адбываліся больш-менш справядлівыя і дэмакратычныя выбары, сталі мяняцца і чыноўнікі. Міхаіл Гарбачоў наіўна будаваў сацыялізм „з чалавечым тварам”. Адліга ўрэшце прывяла да незалежнасці Беларусі. Ва ўладных кабінетах з’яўляліся новыя людзі, якія пачыналі разумець што такое самакіраванне і ў чым іхняя місія. З 1994 года працэс „ачалавечвання” ўлады перапыніўся і быў узяты цвёрды курс „назад у СССР”. За чатырнаццаць гадоў цалкам адрадзіўся і тыпаж чыноўніка: поўная адданасць, як пісалася ў ранейшых статутах, „ніжэйстаячых органаў перад вышэйстаячымі”, страх пазбаўлення пасады, за якой ім здаецца ўжо няма жыцця, ад чаго і генеральная пастава — галоўнае не высоўвацца. Яны і не вылучаюцца адзін ад аднаго нават знешне: апранутыя стандартна ў мешкаватыя, чамусьці як мінімум на памер большыя касцюмы, шырокія аднатыпныя гальштукі, у руках аднолькавыя сумачкі-барсеткі, позірк вылегчанага ката. Праўда, пры прыёме наведнікаў яны кардынальна мяняюцца ў твары — прыйшоўшыя мусяць усведамляць, хто тут сапраўдныя „гаспадары жыцця”. Больш высокім начальнікам па рангу належыць лаяцца матам на падначаленых, ніжэйшыя, апусціўшы вушы, мусяць занатоўваць цэнныя заўвагі. Сярод маіх добрых знаёмых „з мінулага жыцця” ёсць колькі чалавек, якія дагэтуль працуюць у дробнай і сярэдняй наменклатуры. Пры сустрэчы яны зазвычай робяць выгляд, што не заўважаюць цябе і стараюцца неўпрыкмет перайсці на другі бок вуліцы. Раней я меркаваў, што яны баяцца размоваў, каб раптам ніхто іх не ўгледзеў у размове з „неблагонадёжным”. Але пасля адной гутаркі зразумеў — ім проста сорамна. Сорамна быць „слугамі народу”. Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ „Hiва” Рэгіянальныя навіны
Блог
|
|
Belarda.org: Бабруйск,
Барысаў,
Белаазёрск,
Гарадок,
Глыбокае,
Горкі,
Гродна,
Жодзiна,
Масты,
Рэчыца,
Салiгорск,
Светлагорск,
Свiслач,
|
Дызайн — unutranyholas |